Карпаратыў у Старым Менску — незабыўныя ўспаміны для любой кампаніі! Прапануем з прыемнасцю і карысцю правесці час ў нашай сядзібе. Мы распрацавалі шэраг розных актыўнасцяў, з якіх вы можаце скласці зручнае і цікавае мерапрыемства на свой густ.
+ Наведванне экспазіцыі “Стары Менск”. Усяго за гадзіну-паўтары вашыя калегі даведаюцца, дзе насамрэч пачынаўся старажытны Менск, змогуць пасядзець з Усяславам Чарадзеем у кіеўскім порубе ды патрымаць у руках рэчы, якім тысяча гадоў! Маем два экспазіцыйныя залы. Зала “Стары Менск”раскажа пра Х-ХІ стагоддзі, пачаткі Менска на Менцы. Зала “Старое Гарадзішча” апавядае пра XV-XIX стагоддзі, гісторыю мястэчка і сядзібы. Падрабязней пра экспазіцыю ТУТ.

+ Наведванне Менскага замчышча Х стагоддзя (150 метраў ад сядзібы). Агромністыя велічныя валы, якім больш за 1000 гадоў, уражваюць кожнага, хто ўздымаецца сюды. Працягласць замкавых сцен — 652 метры! За гадзіну вы абыдзеце самыя цікавыя месцы замчышча, пройдзецеся па вуліцы, па якой хадзіў Усяслаў Чарадзей, падымецеся на самае высокае месца вала, даведаецеся таямніцы старой панскай сядзібы, якая была тут у пазнейшы час і сфоткаецеся каля валуна “Тут у Х стагоддзі пачынаўся Менск”.

+ Вітальны стол (welcome drink), абед, вячэра (меню на выбар), кава-паўзы. Кухня — тое, што робіць многіх нашых гасцей нашымі пастаяннымі кліентамі і сябрамі. Смачныя стравы, вялікія порцыі, магчымасць скласці меню на свой густ і бюджэт. Пры падрыхтоўцы банкета ўлічваецца наяўнасць вегетарыянцаў і людзей з асаблівасцямі харчавання. Тое, што вы не здолееце з’есці (бо наеліся!), вы забярэце з сабой, бо ланчбоксы і ўпакоўка даюцца ў канцы кожнага мерапрыемства.

+ Банкетныя залы на 14 (Рагвалод), 20 (Стараменская) і 75 (Усяслаў Чарадзей) месцаў. Для карпаратываў з рыцарскімі актыўнасцямі, танцамі і гд найбольш падыходзіць самая вялікая зала (ў халодны час абаграваецца батарэямі і камінам, мае тры прыбіральні і гарачую ваду). Але калі вашае мерапрыемства камернае, то нашыя іншыя залы ў сядзібе — да вашых паслугаў!



+ Рыцарская анімацыя — вясёлыя і цікавыя заданні на кемлівасць і каардынацыю, навыкі рыцарскага этыкету, спаборніцтвы і двубоі. Падыходзяць людзям усіх узростаў і тэмпераментаў!

+ Майстар-класы па старадаўніх танцах, песнях, вырабе свечак, лялек і г.д. Добрая магчымасць навучыцца за гадзіну рабіць нешта новае!

+ Лазня. Наша княская лазня не пакіне вас абыякавымі! Парылка змяшчае 8-10 чалавек, маецца 2 душы, аблівалка, прыбіральня, пакой адпачынку, адкрытая тэраса. Звярніце ўвагу, што можна або парыцца самастойна, або замовіць адну з чатырох эксклюзіўных праграм (майстар-класаў)!

+ Катанне на старадаўнім аўто (у цёплы час года). Газ-69А 1956 года выпуска з радасцю правязе вас па ваколіцах Гарадзішча! А ўлічваючы, якая пагорыстая мясцовасць вакол нашай вёскі, гэтае падарожжа стане захапляльным і незабыўным для вас! Аднак звярніце ўвагу, што на само гарадзішча і да яго падножжа, як на помнік археалогіі, праезд аўтамабілям забаронены.

+ КВІЗ (інтэлектуальная гульня). Паб-квіз “Авантурысты” прысвечаны беларускай культуры (у шырокім сэнсе слова), тут кожны можа адпачыць душой і паварушыць мазгамі, праверыць і паглыбіць свае веды. Гэта выдатная магчымасць у забаўляльнай форме далучыць калег да роднай культуры, цікава і плённа правесці час! Пытанні складзены так, каб было цікава браць удзел не толькі знаўцам і эрудытам, але і проста кемлівым, неабыякавым і знаходлівым людзям.

+ Вядоўства вашага застолля ў рыцарскім стылі. Старадаўнія тосты і звычаі, чарка з шаблі, застольныя конкурсы і загадкі, старадаўнія пажаданні і віншаванні стануць упрыгожаннем вашага вечара!

+ Жывыя выступы музыкаў. Магчымыя розныя інтэрактыўныя застольныя блокі.
+ Дыскатэка, караоке. Зала абсталяваная вялікімі калонкамі, светлавымі шарамі, праектарам, экранам, мікрафонамі.

+ Ахвочыя могуць застацца ночыць у нас (20-25 спальных месцаў) або за невялікія грошы дабрацца на таксі дахаты (сядзіба знаходзіцца ўсяго за 7 км ад кальцавой)

Прыклад праграмы з таймінгам.
10:00-10:30 – збор удзельнікаў, welcome drink
10.30 – Урачыстае прывітанне гасцей княжымі дружыннікамі (сінхронная фланкіроўка клінкамі і ўрачыстыя словы).
11.00-12.00 супольнае наведванне замчышча з нашым суправаджэннем (у цёплы час года)
12.20-14.00 Агляд экспазіцыі. Група дзеліцца на 2 падгрупы. Першая ідзе глядзець экспазіцыю “Стары Менск”, другая экспазіцыю “Старое Гарадзішча”.
14.00-14.15- вольны час перад абедам
14.15-15.00 абед
15.00-18.00 Лазня/майстар-класы/квіз — заняткі па інтарэсах
18.00 Супольная вячэра з праграмай
- Пір. Азнаямленне з культурай ужывання напояў на піры ў Полацкім княстве . Праграма праходзіць у выглядзе інтэрактыўнага шоў, дзе вядоўца паказвае розныя спосабы выпівання напояў з выкрунтасамі, а хтось з гасцей можа пры жаданні паспрабаваць паўтарыць. Звычайна праходзіць весела.
- Застольныя зычанні і забавы. Гасцям тлумачыцца, як на пірах прамаўляліся застольныя зычанні і што пагражала таму прамоўцу, чыё зычанне (тост па сучаснаму) не падабалася астатнім удзельнікам застолля/бяседы.
- Забавы ў сярэднявечным стылі таксама праходзяць у фармаце, калі вядоўца паказвае, а госці спрабуюць паўтарыць. Разам з тым асобныя застольныя забавы могуць адбывацца ў выглядзе віктарын/конкурсаў, дзе госці могуць і праявіць сваю кемлівасць, і ў забаўляльнай форме азнаёміцца з сярэднявечнай культурай і гісторыяй Беларусі.
- Паказальныя баі дружыннікаў. Два дружыннікі не толькі паказваюць бой на клінковай зброі, але і расказваюць пра розныя асаблівасці двубояў у сярэднявеччы. Пры загаддзя агавораным жаданні ( каб падрыхтаваць мінімальны ахоўны рыштунак) хтось з гасцей можа паспрабаваць сябе ў двубоі.
- Могуць быць атракцыёны за дадатковую плату ( стральба з лука, кіданне сякерак, настольны рыцарскі бой і інш.).
- Майстар-клас па сярэднявечных і народных танцах (2-5 танца з гасцямі). Госці не толькі назіраюць, але і самі ў забаўляльнай форме хутка могуць развучыць і станчыць некалькі сярэднявечных і народных танцаў.
- Інтэрактыўны расповед пра дуду на беларускіх землях. Госці і слухаюць, і самі удзельнічаюць у выкананні адной з кампазіцый.
21.00 Пасля сканчэння актыўнай часткі магчымая дыскатэка ці караоке. Зала абсталяваная вялікімі калонкамі, светлавымі шарамі, праектарам, экранам, мікрафонамі.
Музыка і гучны шум магчымыя не пазней за 23.00.

















