Дзень народзінаў у музеі

Дзень народзінаў у музеі

Прапануем адзначыць дзень народзінаў у нас на сядзібе. Каб госці не стаміліся, але культурна і з карысцю прабавілі час, напачатку свята можна правесці скарочаную экскурсію па музеі (да 40 хв) і пры жаданні – коратка прагуляцца на замчышча (у межах 30 хв).

Пасля гэтага вы можаце сесці за святочны стол, які для вас накрые наш кухар. Магчыма арганізацыя вячэры са стравамі беларускай сялянскай альбо шляхецкай кухні.

Калі вы не любіце проста сядзець пры стале і частавацца, вы можаце замовіць майстар-клас для сябе і сваіх гасцей. Напрыклад, адзін з найлепшых знаўцаў народных песень Сяржук Доўгушаў можа навучыць вас спяваць беларускія застольныя песні. Альбо любыя іншыя майстар-класы – выбар дастаткова шырокі.

Пры жаданні можна запрасіць на свята вядучага-маршалка, які можа як урачыста правесці ваш вечар, так і коратка павіншаваць імянінніка ў шляхецкім стылі, расказаць і паказаць, як раней весялілася на святах беларуская шляхта – напрыклад, навучыць вас піць медавуху з сапраўднай шаблі.

Пасля святочнай вячэры прапануем заночыць у нашых пакоях – так вам не трэба будзе клапаціцца, як поначы дабрацца дахаты. А зранку, выспаўшыся і пачаставаўшыся кавай, вы можаце прайсціся па ваколіцах і палюбавацца краявідамі ды валамі, дзе некалі стаяў замак князя Усяслава Чарадзея.

Таксама майце на ўвезе, што ў Гарадзішчы, за 300 метраў ад сядзібы працуе конны клуб “Верхам усцяж Менкі”, дзе вы можаце як замовіць конную трэніроўку, так і проста пад наглядам інструктара пакатацца на ваколіцах на коні альбо поні.