Гарадзішча – месца, дзе пачынаўся Менск.

Гарадзішча – месца, дзе пачынаўся Менск.

1100 гадоў гісторыі горада на Менцы і Нямізе

Каменны і жалезны век

Самым старым экспанатам, які захоўваецца ў сядзібе “Стары Менск”, з’яўляецца крэмніевы наканечнік стралы, датаваны археолагамі 7 тысячагоддзем да нашай эры. Гэта значыцца, што яму каля 9000 год. Ён знойдзены на полі за 100 метраў ад замчышча, і пакуль такая знаходка адна.

Крэмніевыя наканечнікі стрэл. верхняму 5000 гадоў, ніжняму 9000 гадоў.

Дата, якая дакладна пацверджаная навукоўцамі: людзі жывуць на тэрыторыі сённяшняй вёскі Гарадзішча ўжо каля 3000 год. Вал (замчышча, гарадзішча), якое мы сёння атаясамляем выключна з часамі Полацкага княства, пачаў засяляцца значна раней. Археалагічныя раскопкі даказалі: у аснове малога гарадзішча – пасяленне жалезнага веку, культуры штрыхаванай керамікі: знойдзеныя рэчы, якія датуюцца 1 тысячагоддзем да нараджэння Хрыстовага – V стагоддзем нашай эры. На вялікім гарадзішчы выяўленыя рэчы банцараўскай культуры (VI–VIII ст.) Асаблівай знаходкаю з ранняга перыяду існавання паселішча з’яўляецца пацерка з егіпецкага фаянсу ІІ-ІІІ ст. нашай эры.

Пацерка з егіпецкага фаянсу, ІІ-ІІІ ст.

Менск у складзе Полацкага княства

Першапачаткова Менск – дрыгавіцкі горад, які ў часе свайго ўзнікнення адносіўся адміністрацыйна да Тураўскага княства. Нават у межах сённяшняй кальцавой дарогі Менска захавалася з паўтара дзясяткі дрыгавіцкіх курганоў Х стагоддзя – у той час яны былі вакол вёсак.

Малое гарадзішча (80 на 16 м) на сутоку Дуная і Менкі, на думку навукоўцаў, займела свой сённяшні выгляд у Х стагоддзі – то бок, каля 1100 гадоў таму. Гэтую дату можна ўмоўна браць як узрост Менска. Бо адрозненне вёскі ад горада – у наяўнасці адміністрацыйнага, абарончага цэнтра, гандлёвых і рамесных пасадаў. Пра гэтую дату ўскосна сведчаць тры знойдзеныя ў ваколіцах гарадзішча манетныя скарбы арабскіх срэбных дырхемаў, якія датуюцца ад 816 да 893 года.

Вялікае гарадзішча (110 на 80 м), верагодна, было пабудаванае ў ХІ стагоддзі, тады ж замак атачыў роў з вадой. Археалагічныя даследаванні паказалі, што ў аснове вала – тры шэрагі дубовых зрубаў 3,5 на 4 метры і мінімум на 10 вянцоў. Увогуле ж, ХІ стагоддзе – эпоха найвялікшага росквіту старажытнага Менска, але і адначасна эпоха ягонага поўнага заняпаду на Менцы і пераносу на Нямігу.

Паводле меркаванняў гісторыкаў, Менск стаў горадам Полацкай зямлі ў выніку далучэння яго Усяславам Чарадзеем у 1060-х гадах. Тураўскае княства да таго часу зрабілася залежным ад Кіева: там кіраваў, як правіла, старэйшы сын кіеўскага князя. А Полацкае княства было першым дзяржаўным утварэннем на тэрыторыі Беларусі, пачаткам нашай незалежнасці.

Першая згадка Менска ў летапісах – бітва на Нямізе 3 сакавіка 1067 года. Аб’яднаныя войскі Яраславічаў (кіеўскіх князёў, сыноў Яраслава Мудрага), Ізяслава, Святаслава і Усевалада, “узяўшы Менск, пайшлі к Нямізе”. Менск на Менцы быў спалены, жыхары забітыя або ўзятыя ў палон. Быў знішчаны горад, які існаваў на той момант ужо 150-200 гадоў.

Пытанне, калі Менск быў на Менцы, навошта войскі пайшлі пасля на Нямігу? То бок, навошта дзядзькі прыйшлі біцца са сваім стрыечным пляменнікам? Адказ – бо на Нямізе паўставаў новы, удвая большы замак! Тут варта нагадаць, што Яраславічы – унукі вялікай полацкай князёўны Рагнеды. А Усяслаў Чарадзей яе праўнук (па іншым сыне). І мэтай Яраславічаў было – вярнуць Менск пад крыло Кіева. Але мэта гэтая дасягнутая не была.

1084 (або 1085) год – дата, калі жыццё ў Менску на Менцы пачало затухаць. Навукоўцы маюць дзве версіі, чаму. Першая – войскі кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха зноўку спалілі горад, і пасля гэтага ён ужо не аднавіўся, бо на Нямізе ўжо стаяў ўдвая большы замак. Другая – што перанос горада адбыўся натуральным чынам, і жыццё тут заціхла само сабой. Замак на Нямізе стаў цэнтрам створанага Менскага княства, дзе княжыў старэйшы сын Усяслава Чарадзея Глеб Менскі.

Вуліца Усяслава Чарадзея

Людзі, якія ўпершыню патрапляюць на замчышча, задаюць пытанне: як жа тут мог месціцца горад, калі тут стане максімум пару дзясяткаў хат? Безумоўна, замчышча – гэта толькі ўмацаваны цэнтр горада, ягоная плошча каля 1,6 гектара. Тут мог жыць намеснік князя, дружына, чыноўнікі. Сам горад (селішча) – 40 гектараў наўкол. Большасць сённяшняй вёскі Гарадзішча стаіць на месцы горада Х-ХІ стагоддзя. Самага вялікага горада Беларусі таго часу, які спіць тут пад нашымі нагамі. І прачнецца тады, калі мы пра яго ўспомнім.

Абапал селішча месціліся старажытныя могілкі – дакладна вядома пра тры вялікія курганныя групы. Усе яны былі па-варварску знішчаныя, разараныя за савецкім часам. На самім замчышчы ў 1967 годзе зладзілі школьны стадыён, разраўняўшы гарадзішча бульдозерамі. На ніжняй пляцоўцы была ўсталяваная сцэна для танцаў. Наверсе вала стаяла вышка, куды ўздымаўся сцяг у гонар перадавых даярак і камбайнёраў. Ажно пакуль у гэтую вышку не ўдарыла маланка, знішчыўшы яе.

Менск у Х-ХІ стагоддзі быў горадам: на Менцы археолагамі знойдзеныя сотні арабскіх, германскіх і візантыйскіх манет ІХ-ХІ ст.; візантыйскія і арабскія пацеркі; упрыгожанні з бронзы і срэбра (напрыклад, завушніца Х ст.); наканечнік ножнаў мяча (меч мелі толькі абраныя!); гандлёвыя пломбы; зліткі срэбра… Таксама за час раскопак тут было знойдзена больш за 70 фрагментаў візантыйскіх амфараў. У тагачасным Менску пілі візантыйскае віно! Пра самую ўнікальную знаходку – шахматнага каня ХІ стагоддзя – вы, напэўна ўжо чулі. Гэта – найстарэйшая ва Усходняй Еўропе шахматная фігура!

Пра значэнне горада сведчыць і посуд з княскім Трызубам – гербам Усяслава Чарадзея і гербам Полацкага княства. Трызуб дастаўся Усяславу ад прадзеда, кіеўскага князя Уладзіміра. Трызубам карыстаўся сын Уладзіміра і Рагнеды Ізяслаў (сённяшні герб Заслаўя – Трызуб з ягонай пячаткі), сын Ізяслава Брачыслаў – і нарэшце сын Брачыслава Усяслаў Чарадзей. На археалагічных раскопках Акадэміі навук на падворку сядзібы “Стары Менск” было знойдзена адразу 10 фрагментаў донцаў гаршкоў з княскім Трызубам!

Замчышча памятае крокі Усяслава Чарадзея. Дзве брамы замка – галоўную і заднюю – ужо больш за 1000 гадоў злучае вуліца. Вуліца, па якой хадзіў вялікі князь! За ўсю гісторыю Менска ён застаецца ключавой фігурай. У час князявання Усяслава Менск і Полацкая зямля дасягнулі росквіту, слава Менска ішла далёка навокал.

Мястэчка Гарадзішча

Пасля пераносу Менска з Менкі на Нямігу жыццё тут пачало сціхаць. Зноў Менка ажыла ў ХV стагоддзі, калі тут узнікла мястэчка Гарадзішча. Упершыню яно згадваецца ў Метрыцы ВКЛ пад 1547 годам. Але відавочна, што да гэтага часу людзі ўжо доўга жылі тут – пра гэта сведчаць хоць бы гарадзішчанскія могілкі XV-XVI стагоддзяў непадалёк вала, даследаваныя археолагамі.

Гарадзішчам валодалі розныя шляхетныя роды – Статкевічы, Палубінскія, але найдаўжэй – Пішчалы. Сваю сядзібу яны збудавалі проста пасярод замкавых валоў. Апраўдвае іх тое, што ў той час ніхто не ведаў, што Менск пачынаўся тут!

Самы вядомы для нас прадстаўнік роду – Рудольф Пішчала. Ён быў менскім суддзём, але падзарабляў будаўніцтвам – і ў 1825 годзе збудаваў новы будынак гарадской турмы, які хутка празвалі Пішчалаўскім замкам. Сёння гэта – СІЗА на вуліцы Валадарскага. Магілы Рудольфа і ягонай жонкі Сафіі Пішчалаў лічыліся страчанымі, але ў 2018 годзе гісторык Эдвард Канановіч адшукаў самі магілы і арыгінальныя намагіллі з іх. Сіламі сядзібы гэтае месца было абноўленае – вы можаце ўбачыць яго, прайшоўшыся на край вёскі (гл. нашую пешаходную мапу).

У мінулыя стагоддзі ў Гарадзішчы, апроч панскага маёнтка, існавалі карчма, млын, школа (з 1864 года). У 1756 годзе Ігнат Пішчала збудаваў тут уніяцкую царкву Святога Мікалая (пасля скасавання ўніі ў 1839 годзе яна стала праваслаўнай), у 1894 каля яе была збудаваная званіца. Здымкі царквы і званіцы можна ўбачыць на стэндзе побач.

Пасля смерці бяздзетнага Рудольфа Пішчалы Гарадзішча перайшло да ягонага пляменніка Генрыха Паржэцкага,  ажно да кастрычніцкага перавароту мястэчкам валодала ягоная дачка Караліна Веранбоўская. І сёння пасярод замчышча зямля хавае падмуркі сядзібнага дому Пішчалаў ды іншых пабудоваў маёнтка.

Рэнесанс Менска на Менцы

У 2019 годзе пасярод замчышча быў усталяваны валун з надпісам “Тут у Х стагоддзі пачынаўся Менск” (скульптар Ігар Засімовіч). Ён замацаваў гістарычны факт, даказаны беларускімі навукоўцамі. Перад усталяваннем валуна Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўзгадніў словы на ім з дадаткам: “Надпіс на валуне дакладны, лаканічны і цалкам пацверджаны археалагічнымі матэрыяламі”. Даследаванні на Менцы і на Нямізе засведчылі факт: на Менцы жыццё ў канцы ХІ стагоддзя заціхла, а на Нямізе толькі пачалося.

Можна смела сцвярджаць: Менску не менш за 1100 гадоў, гэта адна з найстарэйшых сталіц Еўропы. Першыя два стагоддзі сваёй гісторыі горад месціўся тут, а пасля быў перанесены на Нямігу.

Апошнія гады гарадзішча перажывае рэнесанс. З 2018 года сядзіба “Стары Менск”, у супрацы з Міністэрствам культуры і Акадэміяй навук праводзіць добраўпарадкаванне гэтага ўнікальнага месца. Усталяваныя валуны з інфармацыяй, стэнды, зробленыя лесвіцы на валы, масточкі, замчышча расчышчаецца ад смецця і зараснікаў.

Важна, што гарадзішча і навакольнае селішча ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Тут, згодна Кодэксу аб культуры Рэспублікі Беларусь, забароненыя земляныя працы, пошук артэфактаў з металашукальнікам (“чорнае капальніцтва”), на гарадзішчы нельга смеціць, заязджаць на транспарце (у тым ліку квадрацыклах і матацыклах), распальваць вогнішчы, прычыняць гарадзішчу любую шкоду. Ужо ёсць некалькі прыкладаў, калі чорных капальнікаў судзілі і штрафавалі за рабаванне помніка археалогіі.

Ахоўная зона гарадзішча

Сюды прыязджаюць сотні турыстаў, для многіх з якіх гарадзішча робіцца пунктам уваходу ў гістарычную памяць нашай нацыі. Ключом для адчування гонару і годнасці, разумення хто мы і адкуль мы.

Сядзіба “Стары Менск” на прыкладзе соцень экспанатаў паказвае культуру і побыт нашых продкаў тысячагадовай даўніны. Веліч і адметнасць гэтых людзей. Штогод у Гарадзішчы праходзяць археалагічныя раскопкі. Паўдзельнічаць у іх можа кожны з вас. Жыхары вёскі знаходзяць прадметы даўніны проста на сваіх агародах – некаторыя з іх папоўнілі экспазіцыю сядзібы.

Сядзіба Стары Менск

Але галоўны ўдзел і чын кожнага – шанаваць гэтае месца, пашыраць веды пра яго, распавядаць пра яго ўсім. Бо дзе, як ні тут, можна прасякнуцца глыбокай і вялікай гісторыяй Беларусі, каб пачаць, як сказаў Купала, людзьмі звацца.

Навуковыя даследаванні Менска на Менцы

Упершыню ўвагу на паселішча на Менцы звярнуў у сярэдзіне XIX ст. даследчык П. М. Шпілеўскі, заўважыўшы, што гэтае гарадзішча калісьці было горадам альбо замкам. Навуковыя даследаванні і раскопкі на Менскім гарадзішчы і селішчы праходзяць ужо больш за 90 год. У 1930 годзе вал даследаваў А. А. Рынейскі, а ў 1935 г. – А. М. Ляўданскі і А. Дз. Каваленя. Усе трое па выдуманым абвінавачанні расстраляныя камуністамі 27 жніўня 1937 года ў менскай турме НКУС.

Паўнавартасныя археалагічныя раскопкі тут пачаліся ў пасляваенны перыяд: 1954 г. – А. Р. Мітрафанаў, у 1963, 1967-68 гг. – Э. М. Загарульскі, у 1969 і 1970 гг. – М. А. Ткачоў, у 1975-1983 гг. – Г. В. Штыхаў, у 1992, 1996-2007 гг. – Ю. А. Заяц, з 2011 і па цяперашні час – А. В. Вайцяховіч.

Агулам даследавана больш за 2500 м. кв. Гэтыя працы далі нам неацэнную інфармацыю пра першапачатковы этап існавання Менска – на рацэ Менцы. Далі разуменне культуры і побыту таго часу. На жаль, апроч навукоўцаў, гарадзішча спазнала і спазнае атакі вандалаў. У савецкі час пасярод гарадзішча быў зроблены стадыён, для чаго пляцоўку разраўнялі бульдозерам, знішчыўшы культурны слой. У наш час гарадзішча і селішча зазнае варварскія набегі чорных капальнікаў.

Калі вы сталі сведкам, як нехта капае зямлю на замчышчы ці ў яго бліжэйшым наваколлі, асабліва з выкарыстаннем металашукальніка, сфатаграфуйце або здыміце на відэа парушальніка, неадкладна паведамце ў міліцыю. Законам прадугледжаны штраф за рабаванне помнікаў археалогіі ад 15 да 50 базавых велічыняў з магчымай канфіскацыяй прыладаў пошуку (арт. 20.6 КААП).

Захаванне Менскага гарадзішча, унікальнага помніка гісторыі і археалогіі, — нашая агульная справа! 

Раскопкі Эдуарда Загарульскага

1963, 1967-1968 гг.

Раскопкі Міхася Ткачова

1969 і 1970 гг.

Раскопкі Георгія Штыхава

1975-1983 гг.

Раскопкі Юрыя Заяца

1992, 1996-2007 гг.

Раскопкі Андрэя Вайцяховіча

2011 – цяперашні час

Знаходкі

За 90 гадоў даследаванняў гарадзішча на Менцы археолагамі былі зробленыя тысячы знаходак. Большасць з іх датуюцца Х-ХІ стагоддзямі – часам росквіту Менска на Менцы. Але асобныя рэчы сягаюць у значна глыбейшыя стагоддзі і нават тысячагоддзі. Характар і колькасць знаходак сведчаць пра існаванне тут вялікага і важнага горада. Ягоная плошча была самай вялікай на Беларусі па тых часах – да 40 гектараў (паводле ацэнак археолага Георгія Штыхава). Практычна ўся сённяняя вёска Гарадзішча стаіць над гэтым унікальным горадам.

Тут паказаныя толькі некаторыя знаходкі. Большасць з іх можна убачыць у сядзібе “Стары Менск”.

Калі вы знайшлі на тэрыторыі вёскі нейкія падобныя рэчы (або ўвогуле нешта дзіўнае і цікавае), калі ласка, прынясіце гэта ў сядзібу “Стары Менск”. Магчыма, чарговае навуковае адкрыццё будзе зробленае пры вашай дапамозе!

Гарадзішча на старых здымках

1897 год

Фота Аляксандра Фёдаравіча Гамаліцкага, служачага ведамства Дэпартамента земляробства і дзяржаўнай маёмасці, кіраўніка Бабруйскай школы садоўніцтва, агародніцтва і хмеляводства, сына святара гарадзішчанскай царквы Фёдара Гамаліцкага

1963 год

Фота са справаздач археалагічных раскопак Эдуарда Загарульскага

1970 год

Фота са справаздач археалагічных раскопак Міхася Ткачова

1975, 1979 год

Фота са справаздач археалагічных раскопак Георгія Штыхава