Майстар-класы

Майстар-класы

1. Кулінарны майстар-клас

Вядомы кухар Францішак Мятлеўскі разам з вамі прыгатуе сучасныя альбо традыцыйныя беларускія стравы сялянскай ды шляхецкай кухні. А пасля – абавязкова дэгустацыя!

Майстар-клас можа быць праведзены як для дарослых, так і для дзяцей.

2. Выраб народных лялек

Разам з даследчыцай народных строяў Аляксандрай Мятлеўскай вы зможаце самі сплесці з нітак народную ляльку. Аляксандра працуе ў лабараторыі захавання гісторыка-культурнай спадчыны Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама з’яўляецца рэканструктарам старадаўняй вопраткі. Так што на гэтым майстар-класе вы не толькі папрацуеце рукамі, але і даведаецеся шмат цікавага пра беларускія традыцыйныя строі.

3. Майстар-клас па фехтаванні і асновах рыцарскага этыкету

Гісторык-рэканструктар Юры Усціновіч навучыць вас фехтаваць, страляць з лука, а таксама распавядзе пра старадаўнюю зброю ды этыкет рыцараў. А пры вашым жаданні – і пакажа розныя віды зброі, ды правядзе рыцарскі двубой прама на замкавых валах.

4. Ігра на гуслях ад Алеся Чумакова

Алесь Чумакоў – вядомы беларускі гусляр, удзельнік гуртоў “Стары Ольса” і “Келіх кола”. Музыка не проста іграе на гуслях і можа навучыць гэтаму вас, а і сам займаецца вырабам гусляў ды вывучае гісторыю гэтага інструмента.

5. Лекцыі па гісторыі Менска і Полацкага княства

Для тых, хто хоча як найглыбей зазірнуць у таямніцы беларускай гісторыі, у прыватнасці гісторыі Мінска і Полацкага княства – прапануем найцікавейшыя лекцыі ад археолага, кандытата гістарычных навук Сяргея Тарасава. Сяргей Тарасаў асабіста ўдзельнічаў у раскопках у Полацку, у Верхнім горадзе ў сучасным Мінску, у Гарадзішчы на Менцы. З’яўляецца сааўтарам навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска, а таксама аўтарам падручніка «Мая Радзіма — Беларусь».

6. Беларуская інтэлектуальная гульня

Беларуская інтэлектуальная гульня – паб-квіз, прысвечаны беларускай культуры (у шырокім сэнсе слова), дзе кожны можа адпачыць душой і паварушыць мазгамі, праверыць і паглыбіць свае веды. Гэта выдатная магчымасць у забаўляльнай форме далучыць калег да роднай культуры, цікава і плённа правесці час!

У Беларускай інтэлектуальнай гульні пытанні складзены так, каб было цікава браць удзел не толькі знаўцам і эрудытам, але і проста кемлівым, неабыякавым і знаходлівым людзям.

Ход гульні: Удзельнікі разбіваюцца на каманды па 5-6 чалавек, прыдумваюць назву. Гульня складаецца з 7 тураў, па 5 пытанняў у кожным, акрамя фінальнага, у ім 10 пытанняў. Адказы здаюцца на спецыяльным бланку пасля заканчэння кожнага тура. За кожны правільны адказ каманда атрымоўвае 1 бал. Перамагае каманда, якая адказала на большую колькасць пытанняў. Пераможцы ўзнагароджваюцца.
Працягласць – 1,5 гадзіны. Мінімальная колькасць удзельнікаў 10 чалавек.