Што паглядзець у наваколлі

Для вашай зручнасці мы сабралі разам цікавыя мясціны, якія можна паглядзець адносна недалёка ад Гарадзішча – і склалі іх у маршруты. У залежнасці ад вашага вольнага часу, можна або скарыстацца нашымі гатовымі прапановамі, або скласці свой маршрут з прапанаваных пунктаў. Усе яны для зручнасці нанесеныя на анлайн-мапу, таксама для кожнага падаюцца GPS-каардынаты. Усе маршруты стартуюць ад сядзібы“Стары Менск”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ ПРА ЎСЕ ПУНКТЫ ГЛЯДЗІЦЕ НІЖЭЙ

Маршрут на 2-3 гадзіны.

Варыянт А. Музей-скансэн архітэктуры і побыту пад адкрытым небам у Азярцы (“Строчыцы”).

Варыянт Б. Гарадзішча-Юцкі-Вялікія Навасёлкі – Койданава (Дзяржынск)  (вяртанне ў Менск праз Берасцейскую трасу)

Маршрут на 3-4 гадзіны.

Варыянт А. Гарадзішча – Святая Гара – Волма – Вялікія Навасёлкі – Юцкі – Гарадзішча

Варыянт Б. Гарадзішча – Юцкі – Вялікія Навасёлкі – Койданава – Станькава (вяртанне ў Менск праз Берасцейскую трасу)

Маршрут на 4-5 гадзін

Варыянт А. Гарадзішча – Юцкі – Вялікія Навасёлкі – Старынкі — Койданава – Станькава – Дабрынёва – Возера (вяртанне ў Менск праз Слуцкую трасу)

Варыянт Б. Гарадзішча – Святая Гара – Волма – Траскоўшчына – Старынкі – Вялікія Навасёлкі – Юцкі – Гарадзішча

Маршрут на цэлы дзень

Гарадзішча – Заслаўе – Ракаў – Траскоўшчына – Волма – Святая Гара – Старынкі – Вялікія Навасёлкі – Юцкі – Койданава (Дзяржынск) – Станькава – Дабрынёва – Возера – Менск

Гарадзішча

Сэрца Гарадзішча – замкавыя валы Х стагоддзя, на якіх быў заснаваны Менск. Валы абсталяваныя лесвіцамі, каб камфортна ўзняцца на самы верх, асноўная сцежка падсыпана каменчыкамі, каб наведнікі не забрудзілі ногі. Іншая галоўная цікавінка Гарадзішча – экспазіцыя ў “Старым Менску”!

Тут вы ўбачыце:

  • 500 экспанатаў Х-ХІ стагоддзяў, у тым ліку знойдзеных на раскопках Акадэміі навук проста пад вокнамі нашага музея.
  • адзіны ў Беларусі макет Менскага замка ХІ стагоддзя;
  • вялікага князя Усяслава Чарадзея ў цямніцы;
  • самую старую ва Усходняй Еўропе шахматную фігуру — каня пачатку ХІ стагоддзя;
  • вобраз Крыжа Еўфрасінні Полацкай у натуральную велічыню ды шмат чаго цікавага!

 Падрабязней пра Гарадзішча тут: https://starymensk.by/haradzisca/

Падрабязней пра экспазіцыю тут: https://starymensk.by/muzej/

Строчыцы

(Музей архітэктуры і побыту, заезд праз в. Азярцо!)

GPS-каардынаты: 53.829592, 27.374264

Тут сабраныя старадаўнія драўляныя пабудовы з некалькіх рэгіёнаў Беларусі: хаты, цэлыя падворкі, гаспадарчыя пабудовы, храмы, карчма і г.д. Адноўленыя інтэр’еры, паказаныя прадметы побыту. Музей дэманструе народную, традыцыйную культуру краіны ў адзінстве яе рэгіянальных і лакальных асаблівасцей. Беларускі скансэн адносіцца да музеяў этнаграфічнага комплекснага профілю. Важным элементам экспазіцыі музея пад адкрытым небам з’яўляецца ландшафт. Сайт музея: http://etna.by/

Юцкі

GPS-каардынаты: 53.797453, 27.168889

Адная з пяці ў Беларусі груп крыніц, унесеная ў дзяржаўны спіс помнікаў прыроды і экалогіі. У глыбокай ледавіковай лагчыне тут на кароткай адлегласці з усіх бакоў бруіцца каля 100 крыніц! Яны павымывалі са схілаў лагчыны валуны і вялікія камяні – і ў выніку ўтварылася такая сабе “горная рака”, вельмі нязвыклы для Беларусі краявід! Пра гэтыя крыніцы пісаў Карусь Каганец, называючы іх “Сцюдзянец”. Паводле мясцовай легенды, яны ўтварыліся на месцы дзе некалі стаяла царква, якая потым правалілася пад зямлю… Вада лічыцца гаючай, набраць яе людзі едуць нават з Менска. Знайсці крыніцы з першага разу нялёгка. Калі вы едзеце з боку Вялікіх Навасёлкаў, то трэба праехаць вёску Юцкі наскрозь, а праз некалькі соцень метраў шукаць за лясочкам паварот налева. Там стаіць невялікі ўказальнік на крыніцы.

Вялікія Навасёлкі

GPS-каардынаты: 53.743622, 27.117894

Сядзіба Кастравіцкіх 1820 года, стайня з калонамі, флігель, бровар, дом для працаўнікоў 1912 г. На старых могілках (у лясочку з правага боку, калі ехаць ад трасы Заслаўе-Койданава) знаходзіцца магіла паэта, мастака і грамадскага дзеяча Каруся Каганца. Варта прыгадаць, што славуты французскі паэт Гіём Апалінэр – ягоны родны пляменнік, а іх агульныя продкі гаспадарылі якраз тут, у Вялікіх Навасёлках. Падрабязней ТУТ: https://globus.tut.by/bol_novose/index.htm

Старынкі

GPS-каардынаты: 53.734864, 26.985028

Царква св. Пятра і Паўла 1836 г. (руіны). Будавалася як касцёл па фундацыі мясцовага шляхціча Аляксандра Ленскага. Асвячана была як уніяцкі храм. У 1839 годзе, пасля скасаваннія Уніі, перададзеная праваслаўным. Храм пацярпеў у час Другой сусветнай вайны, не адноўлены да нашага часу. Тут жа, на вясковых могілках пахаваны Міхась Раманюк, вядомы беларускі мастацтвазнаўца і этнограф. Заснаваў часапіс «Мастацтва Беларусі» і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі. За ўласныя грошы правёў дзясяткі этнаграфічных экспэдыцыяў, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцыяў традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае звыш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзёньнікі складаюць дзясяткі тамоў. Важная частка шматгадовай творчай дзейнасьці Міхася Раманюка — артыкулы і ілюстрацыі ў энцыкляпэдыях: «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя», «Энцыкляпэдыя Літаратуры і Мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі». Аўтар альбомаў «Беларускае народнае адзеньне», «Беларускія народныя крыжы» і інш.”

Святая гара (в. Скірмунтава)

GPS-каардынаты: 53.848611, 27.065472

Найвышэйшая кропка Беларусі – 345 м. над узроўнем мора! Сёння гара, на жаль, называецца Дзяржынская, а вось яе гістарычная назва (да 1958 г.) – Святая гара. Якраз тут праходзіць водападзел паміж дзвюма марамі. Умоўна кажучы, усе рэкі па адзін бок гары цякуць у Чорнае мора, па другі – у Балтыйскае. Цікава, што на замчышчы ў Гарадзішчы вышыня над узроўнем мора – 257 м., а тут, за 24 км ад Гарадзішча – ужо 345! Дарэчы, гары, як такой, няма – рэльеф на гэтай адлегласці падымаецца паступова, таму на месцы вы ўбачыце не гару, а невялікі пагорак з памятным знакам.

Волма

GPS-каардынаты: 53.875687,26.969552

Сядзіба Ваньковічаў пачатку ХІХ ст.: сядзібны дом, службовы корпус, флігель-кухня. Таксама варта паглядзець руіны капліцы-пахавальні (на іншым беразе сажалкі, злева). Яшчэ 2 сядзібы Ваньковічаў захаваліся ў межах сённяшняга Менска – Дом Ваньковічаў за Палацам Рэспублікі і палац на вуліцы Філімонава. Адзін з самых вядомых прадстаўнікоў роду – мастак Валенці Ваньковіч, блізкі сябар паэта Адама Міцкевіча. З роду Ваньковічаў паходзіць маці Эдварда Вайніловіча, будаўніка Чырвонага касцёла.

Стары драўляны касцёл 1751 года ў Волме не захаваўся, на ягоным месцы ў 2003 годзе быў збудаваны новы. Падрабязней пра Волму ТУТ: https://globus.tut.by/volma/index.htm  

Траскоўшчына

GPS-каардынаты: 53.910498, 27.099131

Тут захаваліся руіны прыгожага вадзянога млына ХІХ ст. з маляўнічай дамбай і ручаём. Побач ёсць невялікі лясок, дзе таксама можна прагуляцца.

Ракаў

GPS-каардынаты: 53.96558, 27.05626

Ракаў – гэта мястэчка з неверагоднай гісторыяй, дзе да 1939 года праходзіла савецка-польская мяжа і прамышлялі кантрабандысты. Галоўныя архітэктурныя помнікі Ракава – касцёл св. Дамініка 1904 года і Спаса-Праабражэнская царква 1793 года. Падрабязней пра Ракаў тут: https://globus.tut.by/rakov/index.htm

Заслаўе

GPS-каардынаты: 54.0074, 27.29191

Заслаўе – мястэчка, дзе можна прабавіць і палову дня. Менавіта сюды князь Уладзімір Краснае Сонейка саслаў сваю жонку Рагнеду і сына Ізяслава. А Ізяслаў, як вядома, гэта дзед славутага князя Усяслава Чарадзея. Асноўныя цікавінкі Заслаўя: гарадзішча Рагнеды “Замэчак” Х ст., кальвінскі збор 1577 г. (цяпер – праваслаўная царква), касцёл Раства Панны Марыі 1774 г. Падрабязней пра Заслаўе тут: https://globus.tut.by/zaslavl/index.htm#zamechek

Койданава (Дзяржынск)

GPS-каардынаты: 53.689472, 27.128434

Гістарычная назва Дзяржынска – Койданава. Тут варта агледзець гарадзішча “Гаштольдава гара” XIV ст., касцёл св. Ганны 1785 года. Некаторыя датуюць гэты касцёл 1439 годам, але гэта, хутчэй, дата заснавання парафіі і пабудовы на гэтым месцы першага храма, які неаднойчы гарэў. Гэтыя аб’екты знаходзяцца зусім блізка ад заезда ў горад з боку трасы. Падрабязней тут: https://globus.tut.by/dzerzhinsk/index.htm

Станькава

GPS-каардынаты: 53.635373, 27.21894

У Станькаве жыў і пахаваны найлепшы ў гісторыі кіраўнік Менска – Караль Ян Чапскі. Тут захаваўся цэлы комплекс пабудоваў сядзібы Чапскіх: бібліятэка-скарбец, брама, флігелі, гаспадарчыя пабудовы, альтанка. Ёсць і рэшткі сядзібнага парка. На другім беразе сажалкі варта ўбачыць царкву св. Мікалая 1858 года, адноўленую з руін у 2000-х. Тут служыў святаром бацька святой Валянціны Мінскай, а сама Валянціна спявала ў хоры. Дарэчы, каля царквы стаіць хата, у якой жыў герой Другой сусветнай вайны Марат Казей. Падрабязней пра Станькава тут: https://globus.tut.by/stankovo/index.htm

Дабрынёва

GPS-каардынаты: 53.628186, 27.359955

Пакроўская царква 1860 . Знаходзіцца на могілках на заездзе ў вёску з боку Станькава. Гэта — тыповы прыклад драўлянага беларускага дойлідства ХІХ стагодззя: сціплы, строгі храм без асаблівага дэкору, але з выразным характарам.

Возера

GPS-каардынаты: 53.632169, 27.454319

Царква св. Пятра і Паўла 1838 года даволі вялікі храм для адносна невялікай вёскі, добра захаваўся да нашых дзён, дзейнічае. Поруч можна ўбачыць дом святара 1830-х гг.

Усе гэтыя пункты вы можаце агледзець самастойна. Для арганізаваных груп магчымае нашае суправаджэнне па папярэдняй дамоўленасці.

КАНТАКТЫ
МТС +375292025989
A1 +375291884971
starymensk@gmail.com