ТОП-12. Што паглядзець у Гарадзішчы

ПЕШАХОДНАЯ МАПА ГАРАДЗІШЧА Ў ВЯЛІКІМ ПАМЕРЫ ТУТ

Сёння Гарадзішча – вёска за 7 км ад кальцавой, за Малінаўкай. Тым часам, менавіта тут у Х стагоддзі пачынаўся горад Менск, які ў канцы ХІ стагодззя быў перанесены на Нямігу. У Гарадзішчы ж захаваліся велічныя замкавыя валы. І не толькі. Што ж паглядзець тут турысту і выпадковаму падарожніку?

1. Замчышча Х-ХІ стагодзяў

Зразумела, што галоўны аб’ект, які варта паглядзець у Гарадзішчы — гэта само гарадзішча! Велічныя замкавыя валы Х-ХІ ст. дазваляюць жыва ўявіць падзеі тысячагадовай даўніны, якія адбываліся тут. Незабыўнае пачуццё — прайсціся сцежкамі, якімі тысячу год таму хадзіў наш вялікі князь Усяслаў Чарадзей. Як выглядаў сам замак, вы ўбачыце ў сядзібе “Стары Менск”. Дарэчы, гэта наступны пункт нашых цікавінак.

2. Сядзіба “Стары Менск”

Сядзіба “Стары Менск” (www.starymensk.by) адкрылася ў 2020 годзе. Апроч жылых пакояў, тут ёсць тры банкетныя залы на 14/24/70 месцаў. Але, вядома, самая галоўная цікавінка – сама экспазіцыя “Стары Менск”. Тут вы ўбачыце:

  • 500 экспанатаў Х-ХІ стагоддзяў, у тым ліку знойдзеных на раскопках Акадэміі навук проста пад вокнамі сядзібы;
  • адзіны ў Беларусі макет Менскага замка ХІ стагоддзя;
  • вялікага князя Усяслава Чарадзея ў цямніцы;
  • самую старую ва Усходняй Еўропе шахматную фігуру — каня пачатку ХІ стагоддзя;
  • вобраз Крыжа Еўфрасінні Полацкай у натуральную велічыню ды шмат чаго цікавага. Сядзіба працуе ў выходныя з 11.00 да 19.00, у будныя дні – па папярэдняй дамоўленасці для арганізаваных груп, кантакты тут

3. Валун “Заснаванне Менска”

Знаходзіцца ў самым цэнтры замчышча. Усталяваны сядзібай “Стары Менск”, скульптар Ігар Засімовіч. Надпіс на валуне ўзгоднены з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Адмыслоўцы пацвердзілі: гэта не версія, а гістарычны факт! Бадай, гэты валун – самае папулярнае месца для фатаграфавання ў Гарадзішчы.

4. Шахматны конь ХІ ст. — найстарэйшай ва Усходняй Еўропе шахматнай фігуры.

У 1975 годзе на раскопках Георгія Штыхава каля замчышча быў знойдзены шахматны конь. Навукоўцы датавалі яго першай паловай ХІ стагоддзя — і выявілася, што гэта самая старая ў Беларусі і нават самая старая ва Усходняй Еўропе шахматная фігура! Сапраўдны конь зроблены з рога лася і мае вышыню 3 сантыметры (спяшайцеся ўбачыць ў сядзібе “Стары Менск”!) У 2021 годзе на замчышчы паўстала павялічаная копія каня на кавалку шахматнай дошкі. Аўтар фігуры — скульптар Ігар Засімовіч, фундатар — Вячаслаў Бруёк. кіраўнік фірмы “Фомар”.

5. Аглядная пляцоўка “Менск Х ст.”

Замчышча — толькі ўмацаваны цэнтр горада, плошчаю каля 1,6 га. А вакольны горад — гэта ажно 40 га! Уся сённяшняя вёска і навакольныя палі – гэта горад Х стагоддзя. У любым агародзе (ў прамым сэнсе слова) можна праводзіць археалагічныя раскопкі. З гэтай агляднай пляцоўкі адкрываецца від толькі на адну з ягоных частак. З пляцоўкі бачны лес у далечыні за полем? Вось усё поле да гэтага леса ў Х стагоддзі — гэта сотні хат. Як жылі людзі ў іх? Гэта вы даведаецеся ў сядзібе! (гл. п. 1)

6. Аглядная пляцоўка “Менск ХХІ ст.”

Адсюль адкрываецца добры від на раку Менку, якая дала імя Менску. А таксама на суток Менкі і яе адзінага прытока — Дуная. А калі падняць галаву, то можна ўбачыць ТЭЦ-4 — Менск ХХІ стагоддзя!

7. Валун “Рака Менка”

Менка ніколі не была суднаходнай ракой. Толькі вясной, калі ўзровень вады ўздымаўся, менчукі маглі спусціць па ёй свае гандлёвыя суды да Пцічы. Пціч трапляе ў Прыпяць, Прыпяць у Дняпро, а Дняпро – у Чорнае мора. Тым часам, менавіта рака Менка дала імя Менску, гэта гістарычны факт! Вуліца, якая вядзе сюды з сучаснага Менска, так і называецца — Менкаўскі тракт (некаторыя памылкова называюць яго “Мянькоўскі”). Спыніцеся на мастку праз гэтую летапісную раку — і падумайце, колькі ўсяго яна бачыла тысячу год таму.

8. Серабрыстая таполя, адна з найвялікшых у Беларусі

Акружнасць ствала гэтай таполі — 6 метраў 5 сантыметраў! Вышыня каля 31 метра. Нягледзячы на такія мажныя параметры, ўзрост таполі — усяго каля 100 гадоў. На здымку 1897 года яе яшчэ няма. У 2017 годзе таполя ўнесеная ў Спіс рэдкіх дрэваў Беларусі

9. Валун “Ручай Дунай”

Адзіны прыток Менкі завецца Дунай. У перакладзе са старажытнакельцкіх моваў гэта значыцца “хуткая вада”. Нашыя продкі, якія гандлявалі і вандравалі па ўсім свеце, ведалі гэтае значэнне — таму і назвалі ручай так. У Беларусі ручаёў з назвай Дунай некалькі дзясяткаў. У фальклоры часта згадваецца Дунай — і гэта штораз якраз “мясцовы” Дунай, а не той, які цячэ праз усю Еўропу. Хоць абодва Дунаі ў выніку ўпадаюць у Чорнае мора, што таксама сімвалічна. Загадайце жаданне на масточку праз Дунай — і хай яно спраўдзіцца!

10. Магілы Сафіі і Рудольфа Пішчалаў на могілках XVIII-XIX ст.

У 2016 годзе мясцовы жыхар, гісторык Эдвард Канановіч на аснове сведчанняў сталых жыхароў Гарадзішча зрабіў на гэтым месцы сенсацыйную знаходку – намагільныя пліты Рудольфа і Сафіі Пішчалаў. Дагэтуль лічылася, што ніякай згадкі пра слаўны род Пішчалаў, якія валодалі Гарадзішчам больш за 300 год, не захавалася. Пліты ляжалі ў кучы смецця на глыбіні каля 1 метра. Тут жа трапляліся і чалавечыя парэшткі. У ліпені 2018 года на гэтым месцы прайшлі раскопкі пад кіраўніцтвам знаных археолагаў Сяргея Тарасава і Андрэя Вайцяховіча. На плошчы каля 25 м.кв. былі знойдзены парэшткі 14 чалавек. Вынікі раскопак далі нам вельмі цікавую інфармацыю. Па-першае, ніжэй паверхні зямлі захавалася крыпта, дзе былі пахаваныя Рудольф і Сафія Пішчалы (гл. фота). Па-другое, аналіз парэшткаў паказаў, што тут хавалі жыхароў Гарадзішча цягам XVIII і XIX стагоддзяў. Пра гэта сведчыць той факт, што пахаванні зробленыя ажно ў тры ўзроўні – новыя магілы рабіліся паверх закінутых старых. Па-трэцяе, усе гэтыя пахаванні праводзіліся роўна на месцы, дзе ў X-XI стагоддзях жылі насельнікі старадаўняга Менска: наўпрост каля шкілетаў былі знойдзеныя жалезныя нож і дужка замка Х-ХІ стагоддзяў, а таксама кераміка таго часу.

Каму належаць астатнія 12 адкрытых пахаванняў, дакладна сказаць немагчыма. Гэта могуць быць продкі Рудольфа Пішчалы – бо вядома, што і ягоныя бацькі Станіслаў і Кацярыны Пішчалы, і ягоны дзед Дамінік Пішчала былі пахаваныя тут, у Гарадзішчы. Або гэта могуць быць парэшткі простых сялян. Дарэчы, пры ўсталяванні крыжа таксама натрапілі на чалавечыя парэшткі, пасля чаго стала зразумела: уся гэтая пляцоўка – могілкі. Пасля даследаванняў навукоўцаў парэшткі былі з пашанай перапахаваныя на ранейшым месцы 11 жніўня 2018 года, магілу асвяціў ксёндз Юры Санько.

Рудольф Пішчала

Род Пішчалаў валодаў Гарадзішчам з 1598 года. Пра гэта сведчыць грамата Жыгімонта ІІІ, выдадзеная Івану Пішчалу на правядзенне ў Гарадзішчы кірмашоў. У 1756 (або 1766) годзе Ігнат Пішчала збудаваў тут уніяцкую драўляную Мікалаеўскую царкву. У 1764 годзе Пішчалы збудавалі драўляную царкву ў блізкай вёсцы Вітаўка.

Рудольф Міхал Пішчала нарадзіўся 7 красавіка 1788 года. Меў тры сястры – Караліну, Тэклю і Генрыету. Неверагодна, але Генрыета пражыла ажно 103 гады (магілы ўсіх трох сясцёр захаваліся на Кальварыйскіх могілках Менска, блізка ад касцёла). У 1811 годзе Рудольф скончыў Віленскі ўніверсітэт і пачаў сваю паўвекавую чыноўніцкую кар’еру.

12 сакавіка 1811 года ў менскім Марыінскім касцёле Рудольф бярэ шлюб з Юліяй Ратынскай. Яны жывуць разам каля 15 гадоў, але так і не маюць дзяцей – у выніку шлюб распадаецца. 17 лютага 1829 года ў тым жа касцёле другой жонкай Рудольфа становіцца Сафія Рэйтан з роду Каменскіх. На момант другога шлюбу Пішчала займаў ужо досыць высокую пасаду – Прэзідэнт 1-га дэпартамента Менскага галоўнага суда. Бацька яго абранніцы Сафіі, Людвік Каменскі быў ветэранам паўстання Тадэвуша Касцюшкі, у далейшым – віцэ-губернатарам Менскай губерні. Новая цешча Рудольфа, Ізабэла з Тэпераў, была дачкой Пятра Тэпера дэ Фергюсана, аднаго з самых вядомых банкіраў свайго часу, багацце якога ацэньвалася ў 65 мільёнаў злотых.

Першым мужам Сафіі быў Дамінік Рэйтан, герой вайны 1812 года, пляменнік славутага Тадэвуша Рэйтана, нацыянальнага героя Беларусі, які пратэставаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Ад першага шлюбу ў Сафіі было трое дзяцей – Сцяпан, Людвіка і Алена. Звярніце ўвагу на надпіс на помніку Сафіі: “Алена з Рэйтанаў Барэйша паставіла гэты помнік праху светлай памяці матцы Сафіі з Каменскіх Пішчале. Памерла 17 лістапада 1870 г.”

Падчас сумнавядомага “разбору шляхты”, калі расейскае начальства прымусіла былых грамадзянаў Вялікага Княства даказваць сваё шляхецтва, прайшлі праз гэтую зняважлівую працэдуру і Пішчалы. Дакументы, прадстаўленыя тады, маюць для нас вялікую каштоўнасць – як ужо згаданая раней грамата 1598 года на правядзенне кірмашоў у Гарадзішчы. Або звесткі пра радавод Рудольфа, якія падаюць нам імёны яго прашчураў да шостага калена: Рудольф – Станіслаў – Дамінік – Станіслаў – Дамінік – Самуэль. Род Пішчалаў быў разгалінаваны – апроч Гарадзішча, трапляюцца звесткі пра Пішчалаў у Аршанскім, Мазырскім і Рэчыцкім паветах. Ёсць нават сведчанні, што адзін з Пішчалаў вучыў грамаце Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку.

Вось як апісваў сваю паўвекавую чыноўніцкую кар’еру сам Рудольф Пішчала: “…у 1814 быў прызначаны чальцом Мінскага губернскага для ваенных павіннасцяў Камітэта, у якім праслужыў да 1816 года — гэта значыць, да яго закрыцця. Затым у 1817 абраны быў старшым суддзёй павятовага суда, і на гэтай пасадзе прабыў шэсць гадоў, пасля чаго быў абраны старшынёй Грамадзянскай палаты, далей старшынёй Крымінальнай палаты і Усяміласцівейша пажалаваны кавалерам ордэна Св.Уладзіміра 4-й ступені. У 1835 абраны быў павятовым прадвадзіцелем дваранства… Па заканчэнні трох гадоў зноў абраны быў старшынёй Грамадзянскай палаты … Затым па Найвышэйшым загадзе ў 1840 прызначаны па Міністэрстве дзяржаўных маёмасцяў інспектарам люстрацыі… Тут атрымліваў узнагароды, сярод якіх у 1846 годзе абвешчана мне Манаршае Яго Імператарскай Вялікасці благаваленне. У 1851 вызвалены па прашэнні ад той службы з мундзірам і ў трэці раз абраны старшынёй Грамадзянскай палаты і Высачайша зацверджаны на гэтай пасадзе… Нарэшце, зволены я са службы зусім 20.06.1863 года…”

Звольнены Рудольф быў не па прчыне ўзросту (хоць і меў тады 75 гадоў). 8 чэрвеня 1863 года віленскі генерал-губернатар Мураўёў (вядомы як “Мураўёў-вешальнік”) раптоўна выдае сакрэтны загад пра звальненне 5 чыноўнікаў, у тым ліку і Рудольфа Пішчалы. Наш герой, у адрозненне ад астатніх, пазбегнуў ссылкі толькі па прычыне немаладога веку… Наўпроставых звестак, што Пішчала падтрымаў паўстанне, няма, але чаму тады так раптоўна звольнілі чалавека з такім паслужным спіскам?..

І не проста звольнілі, але і пакінулі без пенсіі. А пенсія мусіла быць салідная, бо на момант звальнення ён меў ранг сапраўднага стацкага саветніка, што адпавядае вайсковаму чыну генерал-маёра. Праз два гады ён пачынае пісаць прашэнні, каб пенсію вярнулі, пераконвае, што “не належаў ні да якіх дэманстрацый”. У выніку гэта дае плён, пенсію вяртаюць (у памеры 560 руб. 40 кап.), аднак 12 траўня 1868 года Рудольф Пішчала памірае, так яе і не дачакаўшыся. Лісты з просьбай выплаціць пенсію за мужа пачынае пісаць Сафія, такую просьбу нарэшце задавальняюць – але і яна не бачыць тых грошай, бо памірае 17 лістапада 1870 года. У адным з такіх прашэнняў Сафія прыводзіць цікавыя для нас звесткі пра тое, што “апошняга чысла мая гэтага 1869 года разліў вады нарабіў такое значнае спусташэнне ў маёнтку Гарадзішча, страты з якога могуць сягаць ажно 2000 руб.”

Пішчалаўскі замак

…Паводле волі лёсу, імя Рудольфа Пішчалы абяссмерціла не ягоная кар’ера чыноўніка, а пабудова менскай турмы. Рудольф, які па-за службай зарабляў у тым ліку і будаўніцтвам, у 1821 годзе выйграў тэндар на пабудову гарадской турмы. Пад гэтыя мэты ён выкарыстаў уласны кавалак зямлі. У 1825 годзе паўсталая турма хутка атрымала ў менчукоў мянушку ад прозвішча свайго будаўніка – Пішчалаўскі замак. За два стагоддзі існавання з’явіліся і іншыя назвы – “Валадарка”, “СІЗА №1”. Аднак скажыце сёння ў Менску “Пішчалаўскі замак” – і кожны зразумее, пра што ідзе гаворка. Гэтыя сцены бачылі шмат знакамітых людзей: паўстанцаў 1830-31 гг., паўстанцаў 1863 года, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Каруся Каганца, Юзафа Пілсудскага, Івана Пуліхава, Алеся Гаруна… Народны паэт Беларусі Якуб Колас правёў за кратамі ажно тры гады, пачаў пісаць тут славутую “Новую зямлю”. На сённяшні дзень Пішчалаўскі замак з’яўляецца самай вялікай паводле памераў гістарычнай пабудовай у Менску, ён прызнаны помнікам архітэктуры.

* * *

Пасля раскопак 2018 года парэшткі Рудольфа і Сафіі Пішчалаў нарэшце знайшлі супакой. Па ініцыятыве Глеба Лабадзенкі і Уладзіслава Слатвінскага на гэтым месцы паўстаў шасціметровы крыж і валун з гранітнай табліцай, магільныя пліты былі прыведзеныя ў парадак і ўсталяваныя наноў. Добраўпарадкаванне адбылося пры падтрымцы Паўла Бераговіча. Валун з’яўляецца падарункам кар’ера “Чаркасы”, мастацкую аздобу выканаў скульптар Ігар Засімовіч. Біяграфічныя звесткі пра род Пішчалаў пададзеныя паводле артыкулаў гісторыка-архівіста Змітра Дразда.

11. Валун “Могілкі XV-XVI ст.”

Упершыню раскопкі на гэтым месцы былі праведзеныя ў 1975 годзе славутым беларускім археолагам Георгіем Штыхавым. Былі выяўленыя 18 пахаванняў. З іх толькі 4 захавалі першапачатковы выгляд, астатнія былі пашкоджаныя сельскагаспадарчымі працамі (якія вядуцца тут, на жаль, і па сённяшні дзень). Непашкоджаныя шкілеты былі арыентаваныя галавой на захад, ніякіх рэчаў пры іх выяўлена не было. Паколькі на гэтым месцы захавалася таксама селішча ХІ-ХІІ стагоддзяў, то першасная версія даследчыкаў палягала ў тым, што і пахаванні належаць да таго часу – а менавіта, што археолагі знайшлі пашкоджаны сяльгаспрацамі курганны магільнік. Або што гэтыя людзі загінулі ў часе нападу ворагаў і былі пахаваныя такім чынам.

У 2011-2012 годзе на гэтым месцы прайшлі новыя раскопкі пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук, археолага з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэя Вайцяховіча. Плошча раскопак склала 75 м². У выніку раскопак было пацверджана, што першапачаткова заселены гэты ўчастак зямлі быў у ХІ-ХІІ ст.

Было выяўлена яшчэ 7 пахаванняў, арыентаваных галавой таксама на захад. Парэшткі людзей пачыналі трапляцца ўжо на адносна невялікай глыбіні – 20-40 сантыметраў ад сённяшняй паверхні зямлі. Бальшыня шкілетаў была моцна пашкоджаная сельскагаспадарчымі працамі – ад некаторых засталіся толькі чарапы. Ніякіх асабістых рэчаў у пахаваннях зафіксавана не было. Была выяўленая і цікавая асаблівасць: некаторыя пахаванні здзяйсняліся проста паверх ранейшых. Што сведчыць пра тое, што могілкі функцыянавалі дастаткова працяглы час.

На адлегласці некалькіх метраў ад пахаванняў быў знойдзены жалезны нож XV стагоддзя з накладнымі драўлянымі пласцінамі на ручцы, кавалак цэглы-пальчаткі, фрагменты гаршкоў XV–XVI стагоддзяў, завушніца XIV-XV стагоддзяў у форме пытальніка.

Усе гэтыя знаходкі дазволілі археолагам зрабіць выснову, што гэтыя могілкі адносяцца да XV-XVI стагоддзяў – самага пачатку ўзнікнення мястэчка Гарадзішча (першая згадка 1547 год). Цікавы і той факт, што могілкі ўзніклі на месцы, дзе жылі людзі яшчэ ў ХІ–ХІІ стагоддзях – і пахаванні здзяйсняліся проста ў культурны слой таго часу. Відавочна, што гэта рабілася не спецыяльна, а проста таму, што жыхары Гарадзішча таго часу проста не падазравалі пра гэта.

На месцы могілак у 2018 годзе па ініцыятыве Глеба Лабадзенкі і Уладзіслава Слатвінскага быў усталяваны шасціметровы крыж і памятны валун – падарунак кар’ера “Чаркасы” прадпрыемства “Нерудбудматэрыялы”. Месца добраўпарадкаванае пры падтрымцы Паўла Бераговіча. Надпіс на валуне выканаў скульптар Ігар Засімовіч.

12. Валун “Гарадзішча”

Пасля пераносу Менска на Нямігу ў канцы ХІ стагоддзя жыццё на Менцы сцішылася, але не спынілася. Археалагічныя раскопкі даюць нам багата знаходак перыяду ХІІ-ХV стагоддзя. У XVI стагоддзі тут утварылася мястэчка Гарадзішча (першая згадка 1547 год), гісторыю якога лепей за ўсё даведацца непасрэдна на месцы. Прыязджайце ў Гарадзішча!