Майстар-класы

Майстар-класы

Усе майстар-класы праводзяцца толькі па папярэднім запісе. Кошты залежаць ад дня і колькасці ўдзельнікаў.

1. “Беларускія традыцыі”

Прапануем 4 “блокі” па 30 хв – выбіраеце 2 любыя, такім чынам майстар-клас складае прыкладна 1 гадзіну (пры вялікай колькасці ўдзельнікаў – магчыма, трохі больш).

1.1 Лялька-мотанка – традыцыйны беларускі абярэг, які бараніў хату і сям’ю ад ліха, хваробы і дурнога вока. Падчас майстар-класа вы даведаецеся пра гісторыю гэтага старажытнага абярэга, таямніцы яго выраблення, і, канечне, вырабіце уласны абярэг сваімі рукамі.

1.2 Утульнасць, водар мёду, духмяныя зёлкі – усё гэта змяшчаецца ў катанай свечцы. На майстер-класе вы не толькі вырабіце свечку-катанку з ліставой вашчыны і зёлак, але і даведаецеся пра сімвалічнае, сакральнае і лекавае прызначэнне усім вядомых беларускіх зёлак і зможаце абраць і дадаць іх у свечку на свой густ.

1.3 Набіванка – гэта тэхніка ўпрыгожвання тканіны з дапамогай набоек-штампаў, якая вядома беларусам з даўніх часоў. Штампаў і узораў існавала вельмі шмат, і на нашым майстар-класе вы можаце азнаёміцца з азамі вырабу набіванкі, некаторымі відамі штампаў і вырабіць на тканіне ці паперы невялічкую набіваную кампазіцыю.

1.4 Народная магія. Што рабіць, калі ў хату прыйшла хвароба, а побач няма ні шпіталя, ні лекара? Канечне, меркавалі нашыя продкі, звяртацца па дапамогу да звышнатуральных сіл і прыроды. Лекаваліся на вёсках зёлкамі, абрадам і словам, і гэта склалася ў часам дзіўную, часам незразумелую сучаснаму чалавеку традыцыю, пра таямніцы якой вы можаце даведацца на майстар-класе – лекцыі ў нашай сядзібе, на свае вочы пабачыць традыцыйныя сродкі лекавання на вёсцы і нават пачуць магічныя замовы.

Прыкладны кошт: пры колькасці 15 чалавек кошт на чалавека – ад 15 да 18 рублёў у залежнасці ад абраных “блокаў” (матэрыялы ўключаныя). Калі людзей менш за 15 – кошт майстар-класа раскідваецца на колькасць удзельнікаў.

2. Майстар-клас па фехтаванні і асновах рыцарскага этыкету

Гісторык-рэканструктар Юры Усціновіч навучыць вас асновам рыцарскага этыкету, пакажа і раскажа пра розныя віды старадаўняй зброі, правядзе практыкаванні на кемлівасць, трываласць і каардынацыю, навучыць танчыць з шабляй і піць з яе! Пры вашым жаданні магчымы ўдзел і другога рыцара, каб вы змаглі пабачыць сапраўдны рыцарскі стараменскі двубой!

3. Ігра на гуслях ад Алеся Чумакова

Алесь Чумакоў – вядомы беларускі гусляр і дудар. Музыка не проста іграе на гуслях і дудзе, але можа навучыць гэтаму і вас. і нават зладзіць невялікую дыскатэку пад жывую сярэднявечную музыку!Алесь сам займаецца вырабам гусляў ды даўно вывучае гісторыю гэтага інструмента.

4. Кулінарны майстар-клас ад шэф-кухара Алены Мікульчык

Вядомая даследчыца гісторыі беларускай кухні, аўтарка папулярных кніг па нацыянальнай кухні, шэф-кухар Алена Мікульчык прапануе 4 майстар класы, колькасць удзельнікаў — ад 10.

4.1 Майстар-клас “Кухня Радзівілаў: стэйк са свініны”

Прэзентацыя стравы, расповед пра Радзівілаў і іх кухню.

Гатуем стэйк па-радзівілаўску са свіной выразкі фламбэ (будзем падпальваць). Падача з папскім бігусам і ягадна-вінным соусам ды карамелізаваным апельсінам.

4.2 Майстар-клас “Кухня Радзівілаў: стэйк з ялавічыны”

Прэзентацыя стравы, расповед пра Радзівілаў і іх кухню.

Гатуем стэйк па-радзівілаўску з ялавічнай выразкі з апельсінамі і белым віном. Падача фламбэ (будзем падпальваць).  На гарнір  папскі бігус з апельсінава-вінным соусам і карамелізаваным апельсінам.

4.3 Майстар-клас “Шляхецкія цукеркі без цукру па рэцэпце канца ХІХ стагоддзя і кава па-старабеларуску”

Прэзентацыя страў, расповед пра цукеркі і гісторыю з’яўлення кавы на Беларусі ў інтэрактыўнай форме

Разам з гасцямі робім цукеркі і гатуем каву.

4.4 Майстар-клас “Сапраўдная крамбамбуля”

Прэзентацыя стравы, расповед пра крамбамбулю ў інтэрактыўнай форме

Гатуем гарачую крамбамбулю. Да крамбамбулі робім карамелізаваны апельсін фламбэ.

Госці пакаштуюць два віда крамбамбулі: гарачую 100 мл і вытрыманую 25 мл.

5. Лекцыі па гісторыі Менска і Полацкага княства

Для тых, хто хоча як найглыбей зазірнуць у таямніцы беларускай гісторыі, у прыватнасці гісторыі Мінска і Полацкага княства – прапануем найцікавейшыя лекцыі ад археолага, кандыдата гістарычных навук Сяргея Тарасава. Сяргей Тарасаў асабіста ўдзельнічаў у раскопках у Полацку, у Верхнім горадзе ў сучасным Мінску, у Гарадзішчы на Менцы. З’яўляецца сааўтарам навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска, а таксама аўтарам школьнага падручніка «Мая Радзіма — Беларусь».

6. Беларуская інтэлектуальная гульня (КВІЗ)

Беларуская інтэлектуальная гульня – паб-квіз, прысвечаны беларускай культуры (у шырокім сэнсе слова), дзе кожны можа адпачыць душой і паварушыць мазгамі, праверыць і паглыбіць свае веды. Гэта выдатная магчымасць у забаўляльнай форме далучыць калег да роднай культуры, цікава і плённа правесці час!

У Беларускай інтэлектуальнай гульні пытанні складзены так, каб было цікава браць удзел не толькі знаўцам і эрудытам, але і проста кемлівым, неабыякавым і знаходлівым людзям.

Ход гульні: Удзельнікі разбіваюцца на каманды па 5-6 чалавек, прыдумваюць назву. Гульня складаецца з 7 тураў, па 5 пытанняў у кожным, акрамя фінальнага, у ім 10 пытанняў. Адказы здаюцца на спецыяльным бланку пасля заканчэння кожнага тура. За кожны правільны адказ каманда атрымоўвае 1 бал. Перамагае каманда, якая адказала на большую колькасць пытанняў. Пераможцы ўзнагароджваюцца.
Працягласць – 1,5 гадзіны. Мінімальная колькасць удзельнікаў 10 чалавек.

7. Музычны майстар-клас ад вядомай фалькларысткі Наталлі Матыліцкай

На гэтым майстар-класе вы даведаецеся, якія спевы некалі гучалі ў Полацкім княстве (да якога адносілася і нашае Гарадзішча на Менцы), а таксама развучыце некаторыя з іх.

Магчымы ўдзел у майстар-класе калег Наталлі — музыкаў з дудой, скрыпкай, гармонікам, ліраю.